Tuesday, May 27, 2025

Міхал Анемпадыстаў. Над горадам шэрая хмара

Aniempadystau

Над горадам шэрая хмара
Макабрычных памераў.
Чырвоны фабрычны комiн
Поўны вады, як калодзеж.

Вада залiвае горад:
Вулiцы, плошчы, сквэры.
Мы заплюшчылi вочы,
Мы зачынiлi дзьверы.

Мы ня ўмеем плаваць,
Мы памрэм пад вадою.
I маўклiвыя рыбы
Будуць жыць у нашых пакоях.

Давай памаўчым таксама —
Цiша мацней за слова.
Ты мяне разумееш,
I гэтага дастаткова.

Гэта падводнае гета.
Тут не хапае паветра,
Тут альбо вучысься плаваць,
Альбо канаеш пацiху.

Стаiм у вадзе па горла,
Зьнямелыя, ды не зважаем
На тое, як неяк павольна
Падобныя сталi да рыбаў.

I мы пачынаем дыхаць,
I нам пад вадою добра,
Калi толькi гэтую вадкасьць
Можна назваць вадою.

Міхал Анемпадыстаў